Раздзел музея “Гісторыя і прырода Беларусі” знаёміць з асноўнымі вехамі ў гісторыі краіны ад Полацкага княства да нашых дзён, асаблівасцямі яе прыроды, гісторыяй сталіцы Беларусі – горада Мінска. У гэтым раздзеле даецца агульны агляд пяці перыядаў гісторыі краіны – Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, беларускіх землях у складзе Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі і Савецкага Саюза, незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Агляд дапаўняецца шматлікімі картамі і схемамі, фотаздымкамі і рэпрадукцыямі, партрэтамі знакамітых дзеячаў Беларусі, гістарычнымі дакументамі і матэрыяламі археалагічных раскопак. Увагу наведвальнікаў прыцягваюць каменныя сякеры і крамянёвыя прылады працы, зуб маманта, дэталі зброі, старыя манеты і грашовыя купюры канца ХVII-пачатку ХХ ст., узоры цэглы і керамікі беларускіх гарадоў, макеты Наваградскага замка і крамянёвых шахт.
У асобнай вітрыне прадстаўлены матэрыялы па гісторыі Мінска, аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі. Тут змешчаны фотаздымкі і рэпрадукцыі з відамі горада розных перыядаў яго існавання, карты і схемы разрастання горада, шматлікія матэрыялы археалагічных раскопак Верхняга горада і раёна Нямігі, у якіх удзельнічалі вучні школы; макеты брамы Менскага замка ХII ст. і выгляду горада ў канцы ХVIII ст.
Адказ на пытанне – што ж за краіна Беларусь? – дае знаёмства з асаблівасцямі яе прыроды: ад фарміравання рэльефу ў часы старажытных абледзяненняў да сучаснага стану аховы прыроды. Экспазіцыю дапаўняюць карты і схемы, фотаздымкі, узоры карысных выкапняў краіны, парод дрэў і раслін, чучалы птушак, вырабы з прыродных матэрыялаў.







